Калядкі – добрыя святкі
Вялікую радасць на вуліцы, у хаты
Прынеслі Каляды – зімовыя святы.
Прынеслі забавы, і жарты, і песні,
Загадкі, і гульні, і танцы і песні.
Студзеньская сустрэча з вучнямі ў актавай зале была прысвечана цудоўнаму святу - Калядам. Да Гаспадароў наведаліся калядоўшчыкі, вучні 6 класа. Яны неслі Зорку і вялі за сабою Казу, Мядзведзя, Цыганку.Гаспадыня шчыра запрашала гасцей, шчодра частавала іх прысмакамі, а яны спявалі песні з віншаваннямі і пажаданнямі дабрабыту і шчасця. Абрадавыя песні, танцы і забавы прыйшліся па душы ўсім прысутным. Галоўным момантам свята стала «Каза – калядоўніца», якая ўсім на здзіўленне задавала настрой сваімі здольнасцямі, прымудрасцямі, каб гледачы маглі весяліцца і адпачываць. З цікавасцю сустрэлі і «цыганку-калядоўшчыцу», якая прыйшла павесяліць ды паваражыць «на шчасце».
Добразычлівая атмасфера і добры настрой надоўга захаваліся ва ўсіх удзельнікаў прадстаўлення.
Лічыцца, як правядзеш Каляды, такім увесь год будзе. Таму ўсе спявалі, танцавалі, весяліліся ад душы. Мы верым, што ўсе цяжкасці і жыццёвыя перашкоды застануцца ў мінулым, а ўсе запаветныя мары і жаданні абавязкова здзейсняцца.
Класны кіраўнік 6 класа, настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Ланцман І.Л.